• Аляксандар НЯГРЭЕЎ •

АЎЧАРКІ ПАМЕЖЖА

 

Памежжа — арэал пазіцыянаваньня

адасобленай прамежкавай сутнасьці.

(З філязофскіх назіраньняў)

I. ШЛЯХ ДА ЗГРАІ

Лета ў той год выдалася надзвычай спякотнае. Нават напрыканцы жніўня сонейка прыпякала па-ліпеньскі. Апошні дождж неяк сорамліва праскочыў яшчэ ў траўні. Душнае паветра мякка, але настойліва абвалквала й сваёй цягучасьцю салодка стомлівала падатлівае цела, таму пачувалася млява, нібы плыцьцё ў якаснай згушчонцы. Гарадзкія навакольлі дрыжэлі ў смуродным марыве: гарэлі тарфянікі. Дыхаць было цяжка, бо сумесь пахаў менш за ўсё нагадвала некалі прыродай дадзены чалавеку арыгінал.

За такой дымавай заслонай ніхто не заўважыў маладзёна, які зьявіўся ў вакзальным натоўпе. Маладзён не пачуваўся разгубленым ці першапраходцам: ён упэўнена мэтанакіравана рухаўся ў добра яму вядомым накірунку, толькі часам пазірая без асаблівай цікавасьці па бакох. Калі б хто больш пільна прыглядзеўся да яго, адразу адзначыў бы насцярожаны, нібы воўчы, блішчак у вачох, які халодным джалам коратка пранізваў прастору й людзей, аднак пазьбягаючы наўпроставых візуальных кантактаў. Выйшаўшы з будынку вакзала, ён парушыў да прыпынку гарадзкога транспарту, зьмяшаўся з месьцічамі, і горад на час абыякава паглынуў хлопца.

 

* * *

Цэнтральная ўправа эканамічнага памежнага кантролю мясьцілася ў былой царкве, дакладней, у будынку збоку царквы. Мабыць, то быў сымбаль, напамін пра мінучае ды вечнае? Але ж усё вакол выглядала досыць сьціпла й будзённа, нават крыху правінцыяльна. Знутры памяшканьні таксама не бліскалі раскошай шыкоўных рамонтаў ці іншых навамодных штучак. З кожнай шчалінкі вылузвалася жабрацтва, прыхаванае бадзёрым аптымізмам кіруючых супрацоўнікаў.

Дакладна ў дамоўлены час Грэй (а гэта быў менавіта наш вышэй згаданы хлопец) увайшоў у будынак управы. Хмурны вартаўнік паказаў дарогу на другі паверх, дзе галоўны начальнік па персаналу ўжо падрыхтавана чакаў візітоўцу. Ён быў зацікаўлены ў кожным валанцёры на вакантныя пасады, таму размаўляў самазабыўна, натхнёна, малюючы прыцягальную й годную перспектыву, асобна падкрэслівая галоўную, на ягоную думку, тэзу аб ганаровым абавязку бараніць эканамічную бясьпеку кангламерата суседніх дзяржаваў, чым небеспадстаўна спадзяваўся націснуць на папярэдняе вайсковае самалюбства Грэя й такім чынам сьхіліць яго да канчатковай згоды.

— Ну, як, дамовіліся, згодны? — настойліва спытаўся кадравік.

— Так, згодны.

— Добра, пачынайце вывучаць асноўныя рэгляментуючыя дакумэнты й знаёміцца з сітуацыяй, таксама для практыцы пабывайце на аператыўных управах у горадзе.

Кампанія кандыдатаў, спалучоных кароткім лёсам, сабралася добрая — маладыя, вясёлыя ды жартлівыя, яшчэ ня страціўшыя сэнсу гумара пад ціскам неспрыяльных абставінаў, раптоўна ўварваўшыхся ў жыцьцё кожнага зь іх. Але ж цяжкасьці падаваліся часовымі, вырашальнымі, таму менавіта гумар стаўся адметнай праявай нараджаўшыхся спадзяваньняў.

У той тусоўцы найбольш яскрава вылучаўся Хэппі, які зь непараўнальным акторскім імпэтам распавядаў разнастайныя анекдоты й байкі так, што жываты балелі ад сьмеху з тых жартаў. Джорджы быў стрыманым, досыць сурьёзным, Нат, па сваіх чалавечых і прафесійных уласьцівасьцях больш сьхільны да балбатні, увесь час імкнуўся прыцягнуть увагу да сябе. Замаўкаў ён, відавочна, толькі калі спаў. Грэй звычайна трымаўся нібы свой сярод чужых, больш слухаючы, чымсьці размаўляя.

Пазьней кожны абраў свой уласны шлях. Першым сышоў у бізнес Нат, празь месяцаў колькі Грэй таксама кінуў недарэчную службу, Джорджы вярнуўся да войска, вось толькі Хэппі прасунуўся па карьернай лесьвіцы, прадстаўляя дэпартамент эканамічнага кантролю сваёй краіны ў суседняй дзяржаве.

Гэта пазьней…, а пакуль маленечкімі крокамі наперад.

 

— Давай зьезьдзім на аператыўную ўправу на кантэйнерным тэрмінале, — аднойчы зьвярнуўся з прапановай да Грэя Нат.

— А ці ведаеш, як туды патрапіць?

— Тэарытычна ўяўляю. Нічога, дабярэмся…

Наступнай раніцой сустрэліся ўтраіх на прыпынку амаль на ўскрайку горада.

— Ну, чым ехацімем? — спытаўся Джоржды ў Ната, які паводзіў сябе даволі ўпэўнена, нібы сапраўдны сталы месьціч.

— Дык вось аўтобус, едзьма!

Лепш было б не слухаць Ната, бо патрапілі ў такі кут, адкуль дапамагчы вышпурнуцца мог толькі сабака або дасьведчаны правадыр. Ужо амаль упёрліся ў шэры бетонавы плот нейкай вайсковай часткі.

— Куды далей?

— Туды, напэўна.

Вартавы са стрэльбай за плячыма крыху зьбянтэжана глядзеў на купку незнаёмцаў. Чаго шукаюць? Ці ня варта выклікаць дапамогу ды арыштоўваць падазроных тыпаў? Але Нат папярэдзіў думкі вайскоўца й хуценька запытаўся наконт месца знаходжаньня тэрміналу. Баец супакоена махнуў рукой у бок, маўляў, там шукайце, і, адсутна гледзячы, відавочна страціўшы йнтарэс да хлопцаў, пацягнуўся ўздоўж плота, па хадзе папраўляя стрэльбу.

Праз пэўны час, аблазіўшы навакольлі, кампанія ўрэшце выйшла да тэрміналу з “чорнага”, неагароджанага, ходу з боку чыгункі, апынуўшыся ў цэнтры працавітага гула. Гукаў цягнік, гудзелі кантэйнеравозы, нэрвова крычэлі рабочыя, скрыгаталі грузавыя краны, перакідаючы вялізныя жалезныя карабы. Словам, звычайны вытворчы карагод.

Пасьля вонкавай напругі праца на ўправе на першы погляд падавалася ціхай ды запаволенай, нават нейкай ленаватай. І толькі стосы папераў на сталах і засяроджаныя твары йнсьпектараў трапна сьведчылі аб адваротным.

Астатак дня завершыўся незаўважна паміж гаворкамі й пытаньнямі наконт розных рознасьцяў. Першыя кроплі ведаў звонка дзінкнулі ў пустое дно незапоўненай ёмістасьці прафесійнага досьведу. Цяпер можна й да хаты!

У загадзя блізу горада зьнятай кватэры Грэй намагаўся ўладкавацца й навесьці сёй-той парадак. Папярэднія жыхары ня вельмі зважалі на чысьціню й утульнасьць прытулку, таму спатрэбіўся амаль тыдзень пасьля працы штодня, каб аднавіць нармалёвыя ўмовы.

З акна ў добрае надворье быў бачны горад, усяго кілямэтры тры-чатыры, але ж бліжэйшыя мясьціны выглядалі падобна на йндустрыяльную будпляцоўку.

Насельны працоўны люд звычайна бавіў час гарэлкай ды півам, ды таннымі віннымі напоямі. Словам, тыповае паселішча пралетарыята.

Кожнай раніцой народны натоўп ірваўся ў аўтобусы да горада, адваёўвая жыцьцёвую прастору з крыкам, амаль з бою, укладая ў парыў усю назапашаную шалёную моц. Па дарозе назад дадому становішча абцяжарывалася насычаным перагарам, густа абляпляўшым мярзотным смуродам, таму выпіваць патрэбы ўжо не было, адно закусваць.

Што зробіш? Апартамэнты ў цэнтры не па кішэні!

 

Часьцяком надвячоркам адзінота выпаўзала зьмяюкай зь цемры, абкручвая цяжкімі колцамі думак. Нейкі час таму зьявілася ўражаньне, нібыта жыцьцё спачатку спынілася, потым зламалася. Пералом у сьвядомасьці, кардынальныя перамены абставінаў — усё гэта ўспрымалася надрыўна, праз балючае адчуваньне аднаўленьня душы. У такім выпадку кілішак гарэлкі дапамагаў выправіцца, і тады агаломшаныя пачуцьці раптам адступалі ў далёкі кут. Прэч!!

Па начох Грэй сьніў кінуты дом. Прачнуўшыся, яшчэ колькі часу ляжаў, зьнясілены фантастычна перакручанымі ў мазгу выявамі. Пасьля такога душа й цела пачуваліся адарванымі адно ад аднаго, зусім непрыдатнымі да ўспрыманьня рэчаіснасьці. І толькі празь сілу Грэй вяртаўся да штодзённай завядзёнцы.

 

* * *

 Неўзабаве, як і плянавалася, Джорджы ды Грэй былі залічаны ў брыгаду процідзеяньня кантрабандзе.

Нік, кіраўнік брыгады, адразу акрэсьліў сфэры дзейнасьці, засяродзіўшы асобую ўвагу на здольнасьці добра зь юрыдычнага пункту пісаць пратаколы, маўляў, гэта важнейшы момант у працы, каб як мага больш “кантрабандных” справаў трапляла ў суд, што зьяўляецца паказчыкам эфектыўнасьці дзейнасьці брыгады. Ну, так, вядома ж, што без паперкі ты казюлька, а з паперкай чалавек.          

Штодня хлопцы прыязджалі на новую працу, вучыліся, глядзелі, афармлялі кліентаў, вось толькі кантрабанды ўсё не было, ці, мабыць, парушальнікі яе вельмі вытанчана хавалі.

Увогуле, пакрысе, нават сам не ўсьведамляючы, Грэй пачаў ставіцца да такой службы неяк іранічна, нібы да дзіцячай гульні ў дарослых. Тое пачуцьцё падмацоўвалася яскравымі кантраснымі ўспамінамі аб падзеях, якія адбываліся за год-два, калі краіну апанаваў сапраўдны крызыс, які прысунуў усіх да краю, за якім адкрывалася чорная бездань магчымай агульнай бойні. Кроў ды сьмерць пачалі выразна адчувацца ў паветры ледзяным подыхам, вышуквая пустымі вачніцамі сваю ахвярную здабычу. Тады пісталет на баку днём і пад падушкай па начох стаўся найлепшым надзейным сябрам. Калі кожная клетачка напружана ўспрымала нават малаадчувальныя зьмены на якімсьці малекулярным узроўні, калі ў любы момант дрэнны мір мог раптоўна скончыцца бязьлітасным кровапраліцьцём, менавіта такое балянсаваньне амаль на мяжы чалавечага варьяцтва сталася падмуркам падарванай сьвядомасьці Грэя. Таму й надзьмутыя шчокі нованабытых калегаў вымагалі ў яго спагадлівыя ўсьмешкі. Таму што ён зазірнуў за тую мяжу, таму, што ён зразумеў жах і каштоўнасьць чалавечай сутнасьці! І вось гэта паклала паміж ім і іншымі цень максымаліскай непрымальнасьці карпаратыўных паводзінаў, густа замешаных на няшчырасьці, зайздрасьці й здрады. І атрымаць удар у сьпіну, пакуль адбіваеш напад сьпераду, было справай досыць рэальнай. Кожны толькі за сябе! 

ІІ. ЗГРАЯ

 

Аднойчы Нік запрасіў Грэя да сябе.

— Ну, вось, Грэй. Кіраўніцтва лічыць, што больш мэтазгодна цябе скарыстаць на іншым участку. У аэрапорце. Там ёсьць і два нашых калегі з “кантрабанды”. Рабіцімеш зь імі. Начальнікам Ангат. Былы паліцыянт. Яшчэ Брэн. Карацей, кантактуй і руш наперад!

— Добра, зразумеў. Калі быць на месцы?

— Чым хутчэй, хоць заўтра.

 

Назаўтра Грэй абудзіўся рана-рана, каб пасьпець на службовы мікрааўтобус, які адпраўляўся ад цэнтру горада а восьмай гадзіне. Ехаць трэба было ажно сьперша да гораду са свайго ўскрайку, потым гарадзкім аўтобусам да цэнтру, а там ледзь не бягом да таго “мікрыка”. Уф-ф-ф!! Пасьпеў! Цяперака можна крыху падрамаць. Да аэрапорта ажно цэльная гадзіна!

 

Будынак аэрапорта зьяўляўся неяк спакваля: ужо на пад’езьдзе па-за лесам нібы зьнянацку выплывалі шапкі вежаў авіякантролю, потым, калі дарога заварочвала й раптам рабілася наўпроставай як страла, а лес адсоўваўся ў бок, сьветла-шэры гмах аэрапорта адкрываўся ва ўсёй сваёй велічы, хутка набліжаясь, рабіўся больш пампезным адлюстраваньнем архітэктурных амбіцыяў тварцоў.

Гэта было досыць дзіўнае збудаваньне і ўражаньне пакідала двойчае. Яшчэ паўнедапабудаванае, ягонае адно крыло ўжо несла першыя праявы руйнаваньня. Знутры яно таксама апынулася паўабсталяваным, малалюдным. Агромністыя прасторы, бетонавыя халодныя холы выглядалі ў лепшым выпадку на прамысловыя вытворчыя памяшканьні, ці то на вайсковы аб’ект спецыяльнага прызначэньня, кшталту вялізнага бункера. Толькі адносна невялічкая частка дыхала чалавечай прысутнасьцю. Тут прытуліліся ўсялякія службы забясьпечаньня палётаў і жыцьцядзейнасьці самога аэрапорта, памежнікі ды эканамічныя кантралёры.

Мудрагелістым лабірынтам лесьвіцаў і пераходаў, якімі рухаліся ягоныя калегі, Грэй нарэшце патрапіў на ўправу. Яна таксама выглядала досыць сьціпла, і толькі краявід у вакне часткова кампенсаваў маркотнасьць асяроддзя.

Ангат, лысаваты мажны маладзён амаль аднаго з Грэям веку й росту, ужо чакаў у офісы. Жыў ён у мястэчку непадалёк ад аэрапорту, таму й прыязджаў крыху раней.

— Што скажаш? Якія ўражаньні? — спытаўся Ангат.

— Ды нічога сабе, жыць можна, — адгукнуўся Грэй. — Нічога …

— Пазьней пазнаёмлю цябе са спецыфікай, так бы мовіць. Працуем у дзьве зьмены па чарзе, дванаццаць гадзінаў удзень або ўноч. Таксама з рознымі аддзеламі, іх чатыры. Пагледзіш, пазнаёмішся, толькі май на ўвазе, што калегі з аператыўных аддзелаў ставяцца да нас, як да кантралёраў над імі, таму й недавер і зайздрасьць, хаця ў мяне адносіны з усімі нармалёвыя, але ж ты чалавек новы. Карацей, дапамагаць ня стануць. Занадта зь імі не размаўляй. Калі пытаньні, зьвяртайся да мяне.

 

Шмат з таго, аб чым папярэджваў Ангат, спраўдзілася. Людзі былі розныя. Рознымі былі й адносіны, але ж цалкам неблагія. У пэўнай ступені таму паспрыяла тое, что Грэй заўсёды выходзіў на зал зь іншымі, практыкаваўся таксама як звычайны аператыўнік апрача сваёй асноўнай функцыі. Гэта была добрая справа, таму што назапашваўся разнастайны прафесійны досьвед, таму што ад гэтага стасункі рабіліся больш людзкімі, таму што, нарэшце, так павінна быць, калі вакол бачыш менавіта людзей.

Часам наплыў жадаючых перасунуцца быў вялізным, бо то быў час адчыніўшыхся магчымасьцяў для пераездаў і падарожжаў, і народ сьпяшаўся скарыстацца абрынуўшымся на іх цудам. Даўжэзныя хвасты чэргаў рыхтаваўшыхся да вылету віліся па ўсёй прасторы перад памежнай зонай. Грэй нават не падазраваў, наколькі людзей апанаваў парыў, што яны былі гатовыя чакаць ледзь ня суткамі, каб хутчэй адарвацца ад гэтай зямлі й зьдзейсьніць свае мары аб іншым, лепшым, як падавалася, жыцьці. Але бурлівы натоўп стрымліваўся перад вужынёй памежнага кантролю.

Вось менавіта тут выяўляліся сапраўдныя ўласьцівасьці кожнага з калегаў. Некаторыя ставіліся да сваёй працы як да абавязку, выконвалі яго скрупулёзна, але без фанатызму, іншыя ўсяляк на ўласны капыл намякалі й дэманстравалі, што іхнія паслугі маюць нейкі дадатковы кошт. Першыя звычайна адмаўляліся ад падарункаў збоку пасажыраў, другія ж, хаваючы бегаючыя вочкі, зладзеявата й мітусліва хавалі атрыманую драбязу.

Але была яшчэ катэгорыя. Тыя, гэтак званыя “ідэйныя”, зь відавочным задавальненьнем корпаліся ў чужых пакунках і кішэнях, прымушая людзей да прыніжэньня. Нават калі трапляўся сапраўдны парушальнік, Грэй непрыязна назіраў за дзеяньнямі сваіх нібыта сяброў, адчувая ў душы смутны супраціў, бо лічыў чалавечую годнасьць недатыкальнай.

 

 

* * *

 

Брэн быў пьяны. І ў цьвярозым стане ён нагадваў малога мядзьведзя, які высунуўся са свайго лежыва. Цяпер жа ж валасы на яго галаве стаялі больш заўважным старчаком, а няўпэўненая перавалістая паходка толькі замацоўвала падобнасьць да зьвяругі.

Вечаровая зьмена, зь якой прыехаў Грэй, толькі пачалася. Наперадзе ўся ноч. Звычайна й натуральна ночы выдаваліся спакайнейшымі. Але тут вымалёўваўся іншы сцэнар. “Начное шоў забясьпечана”, — падумаў Грэй.

— Ведаеш, — зьвярнуўся Брэн да Грэя, — ужо мая зьмена скончылася, а тут… падыйшлі да мяне з прапановай, ад якой адмовіцца не выпадала. Карацей, ідзьма ўсадзьма па адзінай. Мы ж з адной каманды. Падтрымай мяне ў цяжкім становішчы.

— Добра, добра, ідзьма.

Доўгімі калідорамі й пустымі холамі, ганя перад сабой гулкае рэха, яны перайшлі ў дальні кут на супрацьлеглым адмежку халоднага будынку, дзе бліскала сьвятло й ля барнай стойкі гаманілі закладнікі прыхамацяў нябёс.

— Ну, будзьма. Брэн рыўком укінуў у сябе кілішак гарэлкі й смачна цмокнуў, выдыхаючы пякучы камяк.

— Будзьма. Другі кілішак шкляна ўспыхнуў у электрычным прамяні, і дзяручая порцыя бадзёрым глыкам зьлілася ў горла Грэя.

— Паслухай, што скажу, — пасунуўся Брэн да Грэя. — Трымайся мяне, не пашкадуеш. Цябе ня ведаюць пакуль яшчэ, а мяне паважаюць. Паходзім разам, каб прызвычаіліся, але ж сваім розумам таксама карыстайся. Так бы мовіць, не забывайся на свой імідж. Як сябе паставіш, так і надалей паедзеш.

— Ды разумею ўсё, — Грэй паспрабаваў неяк прыпыніць словавывяржэньні Брэна, таму што Грэй насамрэч усё добра разумеў. Толькі Брэн, апанаваны настаўніцкім імпэтам, намагаўся прамаўляць далей:

 — Прыглядайся. Яны ў сваіх аддзелах нібы адзіная каманда. Праўда, у кожнай хатцы свае цацкі.

— Якія цацкі? — Грэй ухапіўся за невыразныя намёкі.

— А вось гэта…, — запнуўся Брэн. — Ну, так… Не, пачакай, не зараз. Калі-небудзь пазьней… Мо сам зразумееш…

Брэн яшчэ гаманіў, толькі Грэй яго ня слухаў, узважвая, што пачуў, і раптам адчуў на сябе чыйсьці пільны позірк. “А, гэта ж той паліцыянт”, — падумаў ён.

Сапраўды, ужо пэўны час вартавы парадку сачыў за імі. Адазваўшы Грэя, той зьвярнуўся да яго:

— Вы тут на працы?

— Так.

— А ваш сябра?

— Ну, ён ужо пасьля працы адпачывае…

— Заканчвайце тут, — афіцыйным тонам сяржант перапыніў Грэя, — бо ў такім стане забярэм да пастарунку.

— Усё, хадзем да сябе, — Грэй пацягнуў Брэна.

 

Урэшце патрапіўшы на “сваю” палову аэрапорта, яны схаваліся ў офісе. Брэн быў выйшаў на рэйс і нават наглядзеў нейкую дзяўчынку, якой пачаў вешаць локшыну на вушы. Дзяўчо слухала рашчапіўшы рот, бо ў намаляванай карціне роля самога Брэна падавалася найбольш вырашальнай, маўляў, безь яго аніводнае рашэньне не прымаецца.

“Балбатун. Навошта тое, усё адно не атрымаеш ад яе, чаго намагаесься”, — мільгнула ў галаве Грэя. Ён пакінуў абодвух і, адышоўшы ў бок, каб крыху ўпарадкаваць свае меркаваньні, задумаўся.

За той непрацяглы час, што ён пакруціўся сярод калегаў, некаторыя рэчы пакрысе відавочна пачалі складацца ў нейкі пакуль размыты вобраз, быццам мазаіка, калі ўжо ёсьць пэўныя каляровыя кавалачкі, яны круцяцца, вось яны, тут, але завершаны ўзор усё аніяк не зьяўляецца…Нечага бракуе, нейкай дробязі… Але чаго…, што гэта?

 

Камерцыйныя турысты, як іх акрэсьліў для сябе Грэй, нашпігаваныя даверху валютамі падвышанага попыту, кожны тыдзень забівалі сабой аэрапорт да апошняга мілімэтру, адлятая ў краіны з разьвітымі сеткамі кірмашоў, вяртаючы дадому велізарныя пакункі тавару.

Сьпершапачатку Грэй ставіўся да іх пагардліва, лічыў іхні занятак брыдкім, нягодным, а саміх бізнесоўцаў дармаедамі, якія прагнуць маланкавага звышпрыбытку замест руплівай працы на месцы дзеля агульнага дабрабыту.

Пазьней, гледзячы на цяжкасьці, зь якімі яны здабывалі сабе й сваім бліжэйшым надзённы хлеб, ягоныя погляды пачалі мяняцца. Грэй са зьдзіўленьнем для сябе заўважыў, што гэтыя людцы нагадваюць яму… звычайных амерыканцаў мінулага стагодьдзя, гэткіх ваяўнічых індывідуалістаў, якім, між іншым, уласьцівыя самапавага й гонар, рашучасьць і настрой ісьці да канца. Адчыніць новую старонку ўласнага жыцьця — для гэтага патрэбны характар і воля!

Але ж, адкінуўшы рамантызм першапраходцаў, Грэй высьвятліў для сябе адну цікавую акалічнасьць.

Усе бізнесоўцы выдатна ведалі аб абмежаваньнях на правоз валюты, таму лішак грошай перадавалі адному суправаджальніку, які прад’яўляў тыя грошы на мяжы. Часам агулам зьбіралася вельмі значная сума. Але ўсё па законе. Стоп! Вось тая дробязь, якой бракавала! Суправаджальнікамі былі адны й тыя ж людзі!

“Так, так, добра. А калі яны зьяўляюцца да нас, га?”

Ад прадчуваньня слушнасьці сваіх назіраньняў у Грэя загарэліся шчокі.

Мазаіка пачала складацца, кожны кавалачак атрымліваў сваё трапнае месца.

“Каб толькі не сурочыць!” — ліхаманкава закруцілася ў галаве.

Наступным днём Грэй перагарнуў, бадай, увесь каляндар і некаторыя рэгістрацыйныя дакумэнты. Атрымлівалася, што візытоўцы наведваліся ў васнойным у тыя дні, калі на зьмене быў аддзел Дзіка й Шыбзьдзіка.

 

 

* * *

 

Ва ўсёй сістэме эканамічнага кантролю ўвялі новую форму. Больш падобную да вайсковай. “Я цяпер маёр!”, — дробна бразгатала пад скляпеньнямі. І хаця званьні ў інсьпектараў гучэлі йнакш, агульная прага далучыцца да высакароднай касты вайскоўцаў віравала ў паветры. “Яшчэ гавораць, выдавацімуць зброю.” І зусім сурьёзна разважалі, ці ёсьць інсьпектар-кантралёр афіцэрам, ці не.

“Пайшла гульня ў жаўнерыкаў”, — шалеў Грэй. “З вас афіцэры, як з адной субстанцыі куля! Сапраўдны афіцэр дбае пра службу, а тутака цераз аднаго ў вачох грашовыя адзінкі стаяць! Клоўны з пагарэлага тэатру!!” — раззлавана плёскаў ён кіпянём эмоцыяў, закрануты за жывое. Сам Грэй на гэты конт меў свае асобныя старамодныя уяўленьні, таму й не выносіў, калі нехта спрабаваў, так бы мовіць, прыладзіць паўлінавы хвост да верабья.

Але ж цягам часу верабьі пачалі пачувацца ўсемагутнымі арламі, і гэта прывяло да першага канфлікту, пацягнуўшага больш драматычныя наступствы.

 

У Грэя зьнікла фуражка. Звычайна ніхто імі не карыстаўся, апрача, мабыць, некаторых выпадкаў вельмі афіцыйных ды ўрачыстых момантаў, таму ён адразу не заўважыў прапажы. Але крадзеж як зьява моцна уразіў яго, бо сама сутнасьць учынку падавалася дзікунствам.

— Нехта скраў маю фуражку, — зьвярнуўся Грэй да Ангата. — Не разумею толькі, навошта? Ці гэта такая каштоўнасьць, ці рарытэт?!

— Памыляесься, сябра, зараз замежнікаў узяла трасца на сувеніры аб нашай краіне. Дык вось, за твой “сувенір” той нехта атрымаў добры падарунак з выявамі амерыканскіх прэзідэнтаў.

— Ну, так, — Грэй крыху памаўчаў, — тады атрымліваецца, што да гэтага спрычыніліся менавіта “свае”.

— Чаму так мяркуеш? Ужо здагадаўся хто ці падазраёш каго?

Па таму, як Ангат спытаўся, Грэй зразумеў, што той штосьці ведае й толькі чакае, каб нешта прагучэла з вуснаў Грэя, ладзячы яму такім чынам сваеасаблівы йспыт. Грэй усьміхнуўся, імгненна выкрыўшы хітраватыя задумы Ангата, і, коратка зірнуўшы, выдаў:

— Зыходзячы з майго невялічкага досьведу, мяркую, што, больш імаверна, гэта мог зрабіць Шыбзьдзік.

Ангат ажно падскочыў:

— Трапна. Ну, ты …

Дадаць ён нічога ужо ня мог і толькі глядзеў на Грэя з павагай.

— Чаму ў мяне? — запытаўся Грэй. — Такое ўражаньне, што зрабілі мэтанакіравана й наўмысна.

— Наўмысна ці ненаўмысна, але справа ў тым, што ты — навічок. З табой можна не лічыцца, таму што да цябе сурьёзна ніхто ня ставіцца.

— Вось як…

— Вось так, даражэнькі. Што рабіцімеш?

— Ну, гэта ўжо мая справа, — злосна вышчарыўся Грэй. У той момант Ангат адчуў нібыта марозны подых на сьпіне, — такія злавесныя маланкі выстралілі з вачэй Грэя!

Шыбзьдзік сапраўды так і выглядаў: маленечкі, вяртлявы, як той тхор, што шукае пажывы ўвесь час. Любімай яго справай было зьбіраньне ручак для пісаньня, якія ён выкленчваў з пасажыраў, а потым прымацоўвываў іх на ўнутраныя кішэні свайго пінжака нібы патранташ. Калі калегі прасілі паказаць унушальную калекцыю, ён горда расшпіляўся й дэманстраваў здабытак.

Грэй дачакаўся нарэшце, калі працоўныя зьмены яго й Шыбзьдзіка супалі.

Выбраўшы зручны момант, Грэй прыціснуў Шыбзьдзіка да сьцяны.

— Ну што, папалася птушка.

— Ты чаго? — піскнуў Шыбзьдзік.

— Ды вось маю пытаньне да цябе аб маёй фуражцы, — унушальна рыкнуў Грэй.

— Што фуражка? Ня ведаю, пусьці!

Грэй хутка выкінуў руку й сьціснуў сваімі жалезнымі пальцамі тонкае горла Шыбзьдзіка. Той захрапеў, пачырванеў, і па ягоным твары пабеглі вялізныя кроплі поту.

— Я не люблю, калі ў мяне крадуць.

— То ня я-я-я!

— Задаўлю, — спакойна сказаў Грэй, мацьней сьціснуўшы пальцы й дзівяся свайму спакою. Ён глядзеў проста ў зьбялеўшыя ад жаху й болю вочы Шыбзьдзіка, слухаў, як душыцца ахвяра, і ў той момант першабытны прашчур вадзіў ягонай рукой. Зьмярцьвелая цела пад пальцамі Грэя зьмякчэла, ён расьціснуў хватку — Шыбзьдзік анучай споўз на падлогу, з-пад яго выплыла сьмярдзючая лужына. Грэй брэгліва й моцна пнуў ботам па рэбрах:

— Гандляр шалудзівы!

Шыбзьдзік дрыжачай рукой выцягнуў з кішэні грошы.

— Вось трымай… за тваю фуражку…

Грэй прысеў, узяў зеленавата-шэрыя паперкі, скамячыў й упхнуў іх Шыбзьдзіку ў рот. Той папярхнуўся й адсунуўся ў бок.

— Жры, сабака! Хто яшчэ з табой?! — зноў ботам па рэбрах!

— А-а-а… Ня бі! То Дзік прыдумаў… А я… скраў… Ты ж ніхто, у цябе можна…

— Ніхто? Можна? Убачым…

Грэй плюнуў і пайшоў вон.

 

Потым Грэя біла трасца. Зубы грукаталі па краю чаркі, калі ён падносіў яе да роту. Алькаголь ліўся амаль бесьперапынна, але нават самы моцны дурнапьян не кранаў. “Я ж мог яго насамрэч задушыць”, — чыгунным млынам варочалася ў галаве.

Пакрысе ліхаманка адпусьціла, і думкі вярнуліся ў нармалёвае рэчышча, алькаголь таму не замінаў — наадварот — неяк абвастрыў пачуцьці й паскорыў рэакцыі.

“Закрануў аднога, цяпер і другі далучыцца. А гэта нават ужо ня бойка, а сапраўдная вайна. Калі так, трэба біць першым што моцы, каб зьнішчыць адразу. Балазе ёсьць чым зачапіць. Тыя махлярствы з бізнесоўцамі й валютай — не дзіцячыя гульні. Там інтарэс асабісты. Але трэба яшчэ дадаткова праверыць. Цікава, на чыім баку Ангат з Брэнам? Падаецца, тых дзялкоў яны таксама ня вельмі шануюць, і іхняя падтрымка была б дарэчы. Зь імі, бадай, можна размаўляць шчыра. Усё ж адна каманда. А мне падавацца назад няма як… няма?...”

Так разважая, Грэй ужо пачаў рыхтавацца да падзеяў. 

 

ІІІ. АЭЛА

 

Аэла. Грэй заплюшчыў вочы. Аэла…

Для яго думкі аб ёй сталіся прыстанішчам, дзе параненай душы быў прытулак і паратунак. У моманты, калі невымоўная мука навальваліся і амаль паглынала ўсю йстоту, яе вобраз вяртаў спакой, павольна й пяшчотна разганяя чорную муць.

Хай віртуальна, яна заўсёды была побач, аднойчы ўвайшоўшы ў ягонае жыцьцё.

Што адбылося паміж імі больш за год таму, было звычайным “службовым раманам”. Доўгі час нішто не прадвяшчала блізкіх адносінаў. Яны трымаліся на нармалёвай дыстанцыі калегаў па службе, пакуль спалучэньне зорак і абставінаў не падштурхнула іх адно да аднаго. У той момант нібы іскра праскочыла жвавым агеньчыкам, спалучыўшы дзьве адзіноты. Яна ведала, што для яе гэта апошняе каханьне й што Бог дае ёй такі немагчымы шанец, каб падараваць зусім маленечкую часьцінку самога сябе замест болю й адчаю, што завалодалі сэрцам у апошнія гады. Грэй гэта зразумеў, не, дакладней, адчуў. Адчуў шчырасьць і безабароннасьць, надзею й спадзеў. Ён заўсёды вельмі чутна ўлоўліваў сапраўдныя імпульсы, і таму адразу паверыў і пайшоў насустрач. Адно толькі яны абодва ведалі, што будучыні няма, што раней ці пазьней той цуд зьнікне, бо цудаў не бывае, што літаральна ўсе абставіны супраць, што няма ані шчалінкі, каб паспрабаваць ашукаць лёс. Ведалі, але нешта мацьнейшае за цьвярозы розум неадольна й непахісна зводзіла ў салодкі вір. Быў то Бог, ці д'ябал — хто ведае…

Тая вясна нібы выбухнула, раптоўна разьліўшыся цеплынёй, хмеляваты водар чарговага адраджэньня жыцьця ласкава кранаў схованкі душы, якія напаўняліся жыватворнымі струмянямі новай звонкай энергіі. І вонкавая лагода нарэшце растапіла апошнія льдзінкі, якія яшчэ стрымлівалі відавочнае прыцяжэньне, і ваганьні распусьціліся як кава ў кіпені.

Першая блізказьць пранізала як маланка, узьняўшы на вяршыню шчасьця, а потым сьцішыўшы да павольнай стомы. І з таго часу йстота Грэя напоўнілася асэнсаванай сьветлай радасьцю.

І вось цяпер, закрыўшы вочы, ён усьміхаўся сваім думкам, зноў адчувая трапяткасьць чаканьня, нібы рыхтуючыся да першага спатканьня ў гады “зялёнага” юнацтва. Дзён колькі таму яна сказала, што прыедзе да яго, і ён ужо чакаў, стрымлівая й ахалоджвая сваю нецярплівасьць.

 

Грэй адразу ўбачыў Аэлу ў вакне вагона. Яна неяк вельмі цёпла усьміхалася, і тая усьмешка йшла знутры, дадавая яе твару мяккасьці й асобай прыгажосьці, ці яшчэ, чаму, мабыць, нават словаў няма, але ад чаго салодка шчаміла ў грудзях.

— Ну, вось дачакаўся. — Грэй глядзеў у вочы Аэлы й бачыў у адказ шалёных чарцянятаў.

— Так, я прыехала. Так доўга…

Ён зразумеў, што яна мела на ўвазе не сваё падарожжа, і новая цёплая хваля прабегла па яго целе.

— Едзьма дадому.

 

— Праходзь. — Грэй адчыніў дзьверы, прапуская Аэлу ўнутр свайго халасьцяцкага жытла. — Вось тутака й жыву пакуль ня гоняць.

— Так-так, пагледзім, як ты тут безь мяне атабарыўся.

Аэла прайшла па кватэре, пільнуя кожную дробязь, як гэта звычайна уласьціва жанчынам. Адразу зь ёй зьявіўся незаўважны дух жаночай прысутнасьці. Ды такі натуральны, быццам гэтак было заўсёды. Грэй зьдзівіўся свайму адкрыцьцю. Узяўшы Аэлу за рукі й наблізіўшы свой твар да яе, Грэй нешта шаптаў, і словы зноў калыхалі й хвалявалі адначасова.

Пазьней яны ляжалі, стомленыя й агаломшаныя сваёй палкасьцю. Але перад вачамі Грэя, як у кіно, ўсё паўтаралася зноў і зноў.

Ён яшчэ дагэтуль выразна адчуваў, як яго пальцы дакрануліся кончыкамі да яе плячэй, потым павольна апусьціліся ўніз. Яна задрыжэла, са стогнам падаўшыся да яго: “Хадзі ж да мяне!” Грэй сваёй мужчынскай сілай пагрузіўся ў вільготнае цяпло, і ўвесь сьвет нібыта перастаў існаваць. Невыразнае шчасьце прыйшло чароўным усплёскам, такім моцным, што вяртаньне да рэчаіснасьці падавалася пакараньнем!

 

 Наступным днём кватэра выглядала нашмат прывабней і ўтульней, чымсьці Грэй нават мог сябе ўявіць. Канешне, гэта Аэла шчыльна папрацавала, і куток чалавечага йснаваньня пераўтварыўся з амаль інтэрнацкага пакою ў сапраўдны сямейны прытулак. Сурвэтачкі, кветкі, чысьціня й такі хатні цёплы дух нечакана зьявіліся й апанавалі Грэя, што ён думаў адно аб гэтым, аб тым, што павольна напаўняла яго душу.

“Няўжо такое бывае”, — ня верыў сам сабе Грэй.

— Мне дагэтуль падаецца ўсё чароўнай казкай, — Грэй павярнуўся да Аэлы.

— Гэта казка, але яна тут, з намі, наша казка, — усьміхнулася яна, праводзячы далонькай па яго твары. — Вось толькі й яна скончыцца хутка. Не хачу-у…

Хмурное воблачка прасьлізнула ў мілыя вочы, затуманіўшы іх на міг.

Грэй ня вытрымаў:

— Ну, не смуткуй. Мы разам. Нам добра ўдваіх. Хай гэта доўжыцца, колькі Бог дасьць. Ня трэба сябе мучыць. Мы ня вольныя зьмяніць, што ёсьць. Але мы можам і павінны вычарпаць з гэтага калодзежу ўсё, што наш шанец нам дае, і таксама аддаць адзін адному ўсё магчымае.

— Так, так. Ты маеш рацыю. Дакладна так, — усьхліпнула Аэла, абараняя сябе ад насунуўшайся цемры, схапіўшай сэрца балючым прадчуваньнем расставаньня.

Грэй абняў яе, яна сьціхла, і толькі сьлёзы надалей між волі ціха капалі на канапу.

— Як мне абрыдла хавацца й баяцца, — жаласна выдыхнула Аэла. — І чаго? Уласнага каханьня! За што мне тыя пакуты?! Ці скрала я нешта?

— А калі б я пазваў за сябе, пайшла б?

— Ты ж ведаеш, што мне б гэтага вельмі хацелася, але … Мне не даруюць. Ні родныя, ні сваякі, ні сябры, ні знаёмыя — ніхто. Калі жанчына кідае аднога мужчыну і йдзе да другога, крыўдзяць і зневажаюць менавіта жанчыну, маўляў, “ходзіць па рукох”. А чаму яна бяжыць ад таго мужчыны? З якой прычыны? Не, мужчына заўсёды мае рацыю, што б ні рабіў, таму вінавацяць менавіта жанчыну ва ўсіх магчымых смяротных грахох. А што вычварае той “мужчына”, яны, канешне, ня бачаць! Хай і надалей скоча направа ды налева, як яму ўступіць у галаву! Яму дазволена! Гэта так натуральна, нат фізіялягічна! Ён кароль, а ты маўклівая прыслуга! Ніякіх правоў, толькі абавязкі! Але так непавінна быць! Я таксама жывая. І я хачу жыць, жыць напоўніцу цяпер! Ну, што маўчыш?

— Слухаю. І вось… калі ты насамрэч так мяркуеш, тады трэба мяняць такое жыцьцё карэнным чынам, менавіта так, як ты зараз сказала, каб жыць напоўніцу цяпер. І мне падаецца, што мая прапанова — вельмі слушнае выйсьце.

— Ага, вось як ты ўсё павярнуў супраць мяне самой! — Аэла задзірліва зірнула й кінула ў Грэя падушку. — Ах ты нягоднік! Скарыстаў момант!

У ейных вачох зноў загарэліся цёплыя агеньчыкі. Яна нейкім загадкавым чынам вывернулася з абдымкаў свайго суму, і зноў зьзяе сонейка вакол яе! Няўжо ўсе жанчыны такія?! Грэй уразіўся й адначасова ўсьміхнуўся такім сваім думкам.

— Пачакай, — ён злавіў ейныя рукі й сьціснуў іх у далонях. — Давай сурьёзна. Я не жартую.

— Я веру, я ўпэўненая, што так было б лепш за ўсё, і я ведаю, што ты не такі, як іншыя. Я была б шчасьлівая з табой, і мы бы пражылі нашае сумеснае жыцьцё вельмі добра, так. Толькі не сьпяшайся сам, калі ласка, і мяне не прысьпешвай, ласкавы мой. Тое павінна сасьпець само. Як дзіця, якое народзіцца. Хай пройдзе час, некаторы час… Ня злуйся, добра?

— Добра.

У той момант у душы Грэя нешта ціхенька, ледзь заўважна, надламілася, непрыемна кальнуўшы ў самае балючае. “Ну, нічога ж дрэннага не здарылася, трэ пачакаць, час вырашыць”, — паспрабаваў супакоіць ён сябе. Але мяккі халадок застаўся.

 

Восень яшчэ толькі рыхтавалася да свайго выхаду на сцэну, кропкава пазначыўшы прысутнасьць кропелькамі жоўта-чырвона-рудага лісьця. Амаль лета, але ў паветры зьявілася нейкая ледзьве ўлоўная журботная хваля. Гэта як калі нічога выразнага незаўважна, і толькі непакойлівае прадчуваньне вымушае пільнаваць па бакох, шукаючы няведама чаго.

Аэла й Грэй моўчкі йшлі па сьцежцы запушчанага парка. Кожны паглубіўся ў свае думкі. Раптам Аэла павярнулася да Грэя:

— Чаго такі смурны? Кінь ты тыя перажываньні! Колькі таго часу засталося нам быць удваіх! Заўтра я ўязджаю, а ты… насупа! Лепей злаві!

Яна пабегла, і Грэй зноў зьдзівіўся таму, як хутка мяняўся яе настрой. “Ці мабыць яна такім чынам абараняецца ад сваіх сумненьняў?” — мільганула ў галаве Грэя. Але больш думаць ён не хацеў і кінуўся за Аэлай. Яны абодва нібыта зьдзяцініліся на пэўны час і бегалі й сьмяяліся, пакуль Грэй не дагнаў яе, усхапіўшы ў свае абдымкі. І тут ён зноў, як тады на вакзале, убачыў бесянятаў у ейных вачох. Дальні куток парка схаваў іх ад непажаданых выпадковасьцяў.

Пяшчотная моц Грэя напоўніла Аэлу хваляй найвышэйшай асалоды. Яе імпульсы ахапілі яго таксама, спалучыўшы іхнія целы.

Апынуўшыся на сьцяжынцы йзноў, яны рагаталі як шалёныя, і ўвесь сьвет сапраўды належыў толькі ім.

 

Наступным днём Аэла вярталася дадому. Яна неадрыўна глядзела на яго, быццам хацела ўвабраць у сябе. Ён гладзіў яе па валасох:

— Добра, усё добра. Вось неўзабаве празь які месяц будуць нейкія выходныя, я таксама прыеду да цябе. Ты ж ведаеш, пакуль мае бацькі там, я магу часта прыязджаць. Мы сустрэнемся і будзем разам доўга-доўга.

Аэла слухала й ня чула. Раптам яна дзіўным голасам сказала:

— Вось яе шчэ няма, а я ўжо зайздрошчу.

— Каго няма? — не зразумеў Грэй.

— Той дзяўчыны, якая будзе разам з табой пасьля мяне.

— Што ты гаворыш? Якая дзяўчына?

— Так-так, я ведаю. Толькі зараз будзь са мной і толькі са мной.

Грэй разгубіўся:

— Ды што з табой?

— Не, ня слухай мяне. Гэта так, крыху нярвуюся. Пройдзе, ня зьвяртай увагу. Проста я зараз так абвострана ўсё адчуваю…Гэта нібыта калі па голых нэрвах…

“Зусім заблыталася”, — падумаў Грэй. “Ёй, зразумела, зараз вельмі цяжка, калі даводзіцца разьдзірацца паміж тым, што ёсьць, і тым, што можа быць альбо ня быць. Папросту варьяцтва! Вытрымаць такое сапраўды ня кожны здольны. Але чым жа я магу дапамагчы? Ці, мабыць, гэта такое выпрабаваньне нам?” Пытаньне без адказу.., адвечнае…

Грэй стаяў на плятформе, гледзячы ўслед цягніку. На душы было пуста й глуха. Кароткія ўспышкі невыразных неасэнсаваных думак і пачуцьцяў распушчаліся ў той пустаце як у начы. Нават сэрца, падавалася, лапатала па хадзе выедзенай кансэрвнай бляшчанкай. Замест насоўвалася абыякавасьць.

Гэта была іхняя апошняя сустрэча, аб чым яны тады не здагадваліся.

Бог адвярнуўся…

 

IV. ПАЛЯВАНЬНЕ

 

— Прывітаньне, пачакай, — аклікнуў Грэй Ангата ў холе, — трэба паразмаўляць. Ці маеш час?

— Так. Можна. Абмеркавацімем сучасныя метады выхаваньня? — зьедліва спытаўся Ангат.

— Ужо ведаеш.

— А ты што меркаваў? Нас тутака маленечкая вёсачка — усе пра ўсіх усё ведаюць. Руш у кабінет!

— Сядай. — Ангат паказаў на фатэль ля стала, калі Грэй зачыніў дзьверы, увайшоўшы ўнутр. — Ну, нарабіў ты…

Грэй пачаў заводзіцца:

— Трэ было дараваць і надалей соплі глытаць?! На галаву сядуць! А я не дазволю! Не дачакаюцца!

— Ну-ну, ціха. Узьняў вэрхал. Ціха. — Ангат падняў руку, перарываючы Грэя. — Па-першае, Шыбзьдзік маўчыць пакуль — рыла ў пуху ў самога. Шчыра, дык ён таго заслугоўвае, але глядзі, некаторым не спадабалася, таму рыхтуйся да нечага.

— Вось менавіта аб гэтым хацеў параіцца. Некаторы — Дзік?

— Так, ён. Але ж бачу, што пільнаваць ды аналязаваць умееш. Мой рэспект. — Ангат змоўк, адкінуўшыся ў сваім фатэлі.

— Бачу, не памыліўся наконт твайго стаўленьня да гэтай хеўры. Табе, мабыць, вядома аб іхнім махлярстве з валютай тых шоп-турыстаў.

— Здагадваюся. Ня ты адзіны такі ўважлівы.

— Дык вось, можна іх ня толькі прыціснуць, але ж нават запхнуць за краты.

Ангат страпянуўся:

— Ты сурьёзна? А наступствы? Мяркаваў?

Грэй памаўчаў крыху, зьбіраючыся з духам. Знутры ўсё сьціснулася й нібыта завісла казытлівым вакуумам — звычайнае адчуваньне перад адчайным скокам черазь бездань.

— Калі ня можаш, ці ня хочаш, ці яшчэ зь якой прычыны, толькі пытаньне рубам — ты са мной ці не?

Ангат пыхнуў:

— Асьцярожней, ты… Хочаш размаўляць — гавары. А прыціскаць мяне да сьцяны… Так, карацей, выкладай, іначэй пасварымся.

Грэй крыху астыў:

— Мне спатрэбіцца твая дапамога. Калі б Брэн таксама неяк далучыўся, было б лепей. Дарэчы, што ён? Надзейны хлопец, ці так, …напалам? Варта яго ўцягваць?

— Хлоцец ён нармалёвы, будзь спок. Пагутар зь ім, незалішне, — адгукнуўся Ангат, вяртаючыся да спакойнага тону. — Але ж і са свайго боку таксама пагутару зь ім. Мо чым дапаможа. Калі не, супраць не пойдзе. Дакладна ведаю, што тая ж кодла яму ўжо даўно не падабаецца.

— Добра. Спатрэбяцца твае паліцыянцкія сувязі. Упэўнены, што яны зацікавяцца такой справай. Дадатковыя зорачкі на плячох і матэрыяльны дабрабыт нікому незалішнія. Ці так?

— Так, так. Але наступствы?

Грэй адчуў, што гэта Ангату цікавей за іншае. “Вядома, сваё собскае бліжэй да скуры. Але хай толькі дапаможа!”

— Наступствы…Ды ну, глядзі, калі б твае былыя сябры пагадзіліся, я б зрабіў так, што нібыта выпадкова выкрыў Дзікавы з Шыбзьдзікам махінацыі ды й здаў іх паліцыі, як мусіць законапаслухмяны грамадзянін. Ведаючы то, як я “разьлічыўся” з Шыбзьдзікам за ягоныя “паслугі”, калегі меркавацімуць, што паміж намі адбываецца асабістая помсьлівая сварка. У такім выпадку нікаму нават ня стрэліць у галаву вас з Брэнам вязаць да мяне. Толькі б твае пагадзіліся. Справа вымалёўваецца неблагая. Што скажаш?

— Добра. — Ангат пагрукатаў у задумленьні пальцамі па стальніцы. — Паразмаўляю з кім трэба. Афіцыйна, ва ўсялякім выпадку, яны павінны рэагаваць на сыгналы ад пільных грамадзян. Маеш рацыю.

— Каб крыху зьбянтэжыць нашых калегаў, вы з Брэнам, калі ён пагадзіцца, канешне, дэманструйце такую адхіленнасьць у мой бок, досыць заўважную, быццам таксама не ўхваляяцё мае паводзіны. Нібыта я сам сабе, але не занадта старайцеся, бо ўсё павінна быць натуральным.

— Ну, не вучы вучонага. Ужо дарослыя й гуляем у дарослыя гульні. Пашэнціць, дык пазбавімся паршывых авечак. Але ж, як дамовіліся, мы быццам не пры чым.

— Дамовіліся. Пайду цяпер.

Грэй быў пасунуўся да дзьвярэй.

— Грэй…

— Што?

— Ёсьць нешта д'ябальскае ў цябе… Ідьзі.

 

Д'ябальскае… Так, ёсьць. Кожны чалавек — гэта грымоткі кактэйль разнастайных пачаткаў. Ён здольны д'ябальскі кахаць і па-анёльску ненавідзець. Калі дабро й зло ўраўнаважаны, чалавек трамаецца на мяжы і, нават пераскочыўшы занадта ў вадзін бок, вяртаецца ў нармалёвая становішча, бо ад перакосу валіцца. Пазбавіўшы яго аднаго з кампанентаў, атрымоўваецца альбо жывёльная брутальная пачвара, альбо салодкая патака. А вось ледзянцы з перцам чылі (ёсьць такія!) — прывабны непаўторны смак!

 

Дзён праз колькі Грэй адчуў знаёмы голас.

— Хэй, Грэй! Вось, амаль радкі склаліся, — пажартаваў Брэн.

Грэй павярнуўся. Апошнім часам у вадну зьмену працаваць ім амаль не выпадала, таму бачыліся рэдка. “Хутчэй за ўсё Ангат ужо гаварыў зь ім. Добра.”

— Як справы?

— Справы ў пракурора, а ў нас справункі.

— Ну-ну. Настрой маеш прыўзьняты, гляджу. Ці, мабыць, з пракурорам павітаўся? — Грэй падтрымаў паўжартоўны тон.

— Чаму й не, калі чалавек патрэбны.

— Дык ты ўжо пасьпеў…

— Пасьпеў, Ангат вельмі прасіў.

— Так… Ідьзма куды далей адсюль, пагаманім спакойна.

Грэй з Брэнам знайшлі прыдатны куток, у якім іх ніхто ня мог заўважыць, але яны пільнавалі ўсе падыходы.

Брэн выцягнуў цыгарэту, няспешна яе запаліў, уцягнуў у сябе самую першую, самую смачную порцыю дыму й зажмурыўся, выпускаючы сівы струменьчык на волю. Потым зірнуў на Грэя, чакаючы.

Грэй пачаў:

— Адкажы па шчырасьці, пакуль не закруцілася,… што мяркуеш на гэты конт увогуле й у прыватнасьці?

Брэн скінуў попел, зьбіраючыся з думкамі.

— Па шчырасьці, тую халеру даўно трэ было душыць. Папросту героя бракавала. Вось ты й зьявіўся — наш герой-камікадзэ. Ха-ха. Добра. Цяпер сурьёзна. — Брэн зноў пыхнуў цыгарэтай, чырвона—аранжавая зорачка засьвяцілася ярчэй. — Ёсьць чалавечкі з адной канторы. Наўскідку гэтая справа ім цікавая. Карупцыя з наступствамі й усё такое. Сам ведаеш. Вельмі ўдзячны сюжэт.

— Дык што, — пракурор?

— Ну чаму адразу пракурор? Сьледчыя, некалі разам працавалі. Але ж, калі спатрэбіцца, знойдзем сьцежку й на тыя вяршыні.

Грэй ажывіўся:

— Верыш — цяпер камень з душы. Канешне, я спадзяваўся на цябе з Ангатам, але на сто адсоткаў упэўнены ня быў. Дзякуй. Шчыры.

— Усё, менш інтэлігенцкага патасу, больш плябейскага цынізму! Працэс пайшоў. Як дамовіліся з Ангатам, так і рабіцімем.

“Як у шахматах — фігуры расстаўляюцца па сваіх пазіцыях”, — запульсавала думка. “Гульня аднак без правілаў.”

 

 

* * *

 

Пасьля гісторыі з Шыбзьдзікам, якая шырока й ціха прагрукацела ў вузкіх прафесійных колах, некаторыя з калегаў пачалі заўважна страшыцца Грэя, напружваяся кожным разам, калі ён апынаўся побач. Грэю было напляваць: “Калі баяцца, значыць, паважаюць.” Іншыя паставіліся вонкава абыякава, хаця хто ж ведае, што робіцца ў цемры чалавечай душы. Зусім невялічкая колькасьць наважылася паставіцца неяк досыць станоўча, аднак не надта дэманструючы свае прыхільнасьці.

Толькі Грэй не хваляваўся. Ён даўно прызвычаіўся не зважаць на чалавечыя адносіны, стаўленьне да сябе й вонкавыя эмоцыі, калі яны перашкаджалі, ці маглі перашкодзіць альбо справе, альбо яму асабіста. Таму што процістаяць і змагацца з гэтым амаль немагчыма і, аднойчы ўпусьціўшы тую плынь, адразу зьяўляецца йржа сумневаў і корпаньняў у сваёй самасьці, якія руйнуюць падмуркі душы, пазбаўляя энергіі абарончага супраціву.

Цяпер жа быў менавіта такі момант, калі разьменьвацца на аналізы публічных настрояў было б недаравальнай памылкай, таму Грэй рашуча адсунуў прэч нават саму магчымасьць развагаў, бо згубіць свой шанец не хацеў.

 

Чарговы шоп-тур, быццам выпадкова, нарэшце прыпаў на зьмену Дзіка й Шыбзьдзіка, забіўшы кожны куток перад памежнай зонай кантролю працавітым гулам турыстаў-бізнэсоўцаў. “Бач, якія пчолкі”, — усьміхаўся сабе Грэй. “Так і гудуць, так і гудуць.”

Але за гудам і хаосам, які на першы позірк віраваў сярод “пчолак”, Грэй хутка заўважыў пэўную арганізаванасьць — да аднаго, ужо наглядна знаёмага Грэю “праважатага”, раз пораз падыходзілі людцы з натоўпу, коратка перамаўляліся і асьцярожна, не прыцягваючы нічыёй увагі, совалі нешта таму ў рукі й павольна з амаль праўдападобным рэалізмам сапраўдных выведнікаў распушчаліся сярод іншых. “Пчолкі нясуць свой мядок у вулей”, — спагадлівая усьмешка ўвесь час блукала па вуснах Грэя. “Будзе ўжо медавуха.”

З пачаткам рэгістрацыі чэргі шопнікаў пацягнуліся чераз пункты кантролю. Працэс ішоў па завядзёнцы.

Ужо калі натоўп, пядзяліўшыся на калёны, уцягнуўся ў шчаліны адчыненых праходаў, Грэй падышоў да “правадыра”, які прыкрываў тылы й рыхтаваўся да сустрэчы з кантралёрамі, і зьвярнуўся да яго са звычайнымі службовымі пытаньнямі. Той на хвіліну зьбянтэжыўся ад нечаканкі, але хутка ачуняў ад, як яму падалося, нахабства шэраговага выканаўцы. Ён бачыў перад сабой хлапчука, які намагаўся ці то вымагчы хабар, ці то ўвогуле забыўся на субардынацыю і рабіў нешта незразумелае, ці яшчэ што. “Недарэка”, — падумаў ён. “Чаму такіх дурных бяруць?” Але ўслых досыць пагардліва адказаў, гледзячы зьверху ўніз: “Што табе трэба? З начальнікам ужо ўсё дамоўлена.” Вось гэтага Грэй і чакаў! Адышоўшы ў бок, ён непрыметна падаў сыгнал.

Ангат, як абяцаў, парупіўся аб былых сувязях, і маладзёны з эканамічнай паліцыі ў той вечар уважліва сачылі за падзеямі на зале. Грэй здагадваўся, што нехта яшчэ пільнуе за Дзікам. Але то не было ягонай справай, таму ён ня вельмі цікавіўся, каб не сапсаваць нечага, безумоўна спадзяваючыся на прафесіяналізм тых, хто цяпер рабіў працу.

 

Праважатага правадыра акуратна зьвелі з кантролю. Ён падрабязна “здаў” усіх — Дзіка, Шыбзьдзіка ды двух падначаленых інсьпектараў канчаткова арыштавалі праз тыдзень. Дзік ішоў панурыўшы галаву з пабялеўшым тварам, але, углядзеўшыся ў ягоныя вочы, было бачна, што ён не напужаны, а наадварот, гатовы да бойкі, нібыта сапраўдны дзік. Іншыя выглядалі больш прыгнечана, імкнуліся чым хутчэй ухіліцца ад людзкай увагі.

Што ж, справа зроблена, зло пакаранае, але чаму так пуста, так маркотна?

 

Грэй ня быў помсьлівым ці крыважэрным. Ён змагаўся за сябе, за сваю годнасьць супраць мярзоты й чалавечага бруду. Але заставацца чыстым пасьля таго, як дакрануўся да таго бруду, немагчыма. Хацелася змыць зь сябе нібы наліплую дрэнь. Толькі хіба можна адмыць што засьмягнулася ў душы?! Тое ніякая вада ня возьме. І толькі выпаленая пустэча ззаду…На вайне як на вайне, і без стратаў не абыходзіцца. Падчас бойкі нават за сьветлае ахвяруеш цемры частку божага ў сябе. Кампрамісны кантракт, падпісаны кроўю, які дазваляе прайсьці па тонкай мяжы?

  

V. ЗЫХОД

 

За падзеямі апошняга часу прамільгнулі тыдні, якія склаліся нават у месяцы, два ці мо тры, Грэй не сачыў, таму што яны былі насычаны больш зьмястоўнымі пераменамі.

Ангат з Брэнам былі відавочна задаволеныя вынікамі адбыўшагася. Але неўзабаве Грэй сутыкнуўся зь ледзь улоўнай насьцярожанай халаднаватасьцю зь іх боку. Ён нават адразу не зьвярнуў увагу не такую дробязь, мяркуючы, што мо гэта ягоны мозг функцыянуе яшчэ па йнерцыі, так бы мовіць, у надзвычайным рэжыме, таму й крыху неадэкватна. Так ён хацеў верыць, пакуль не насуналася працьверажэньне.

Вонкава усё заставалася амаль нязьменным, вось толькі абодва ў прысутнасьці Грэя часам глядзелі адзін на аднаго неяк дзіўнавата, нешта хаваючы ад яго, ці папросту пачыналі размаўляць аб чымсьці нязначным, калі ён да іх падыходзіў.

Занадта не зважаючы на такія акалічнасьці, Грэй усё ж адчуваў пэўную крыўду. Але празь некаторы час скеміў, што й як адбывалася насамрэч. “Так-так. Яны ўвесь час жадалі, каб нехта зрабіў тое, што зрабіў я, бракавала толькі — як там Брэн сказаў — героя-камікадзэ. Вось вунь я й зьявіўся. Добра дапамог сябрам. Выпхнулі наперад, а самі з-за сьпіны выглядалі. Ну, ясна зараз… Таму й усе гэтые дзіўныя глядзелкі й маўчанкі. Усё так.” Невясёлые думкі аб тым, як табою скарысталіся.

Паступова Грэя адсоўвалі ў бок ад сапраўднай працы, пакуль аднойчы ён не пачуў ад Ніка датычна самога сябе, што, маўляў, ягоная, Грэя, адукацыя не зусім адпавядае спецыфіцы процідзеяньня кантрабандзе, што патрэбны юрысты — тые, хто добра ведае юрыдычныя нюансы, каб дасканала зь бюракратычнага боку фіксаваць парушэньні. І канчатковае рашэньне — перавесьці Грэя ў аператыўны аддзел.

Ачольваў аддзел Эрч, старажытны знаёмы з універсітэтцкіх часоў. Ведалі яны адно аднаго дастаткова, каб не абцяжарвацца разложыстай дыпляматыяй, і праз тое адносіны ўсталяваліся роўныя, чым Грэй вельмі задавальняўся, бо пасьля папярэдніх бурлівых прыгодаў пачуваўся змораным і надта спустошаным. Трэ было ставіць сябе на паўзу, пераасэнсоўваць нанава апошнія крутыя расклады. Жыцьцёвае кола павярнулася й раптам патрапіла ў выбоіну, ад таго ажно зубы бразнулі. Захоплены падзеямі, Грэй толькі цяпер па-сапраўднаму ўцяміў, дзе апынуўся, на чым запыніўся.

Але самая моцная нечаканка-неспадзяванка была наперадзе.

 

Неяк Ангат “па старой памяці”, як ён выказаўся, запрасіў Грэя да сябе.

Увайшоўшы ў офіс, Грэй спыніўся каля дзьвярэй, гледзячы на былога начальніка прыжмуранымі вачыма зь ледзь заўважнай іроніяй і зьдзекам.

— Сядай. — Грэй сеў.

— Даўно хацеў з табой паразмаўляць адкрыта й шчыра.

— Аб чым?

— Аб тым, што адбылося.

— Дык усё ж добра скончылася. Што й як хацелі, — зьдзейсьнілася, ці не?

— Так, на той час і момант так. Але справа ў іншым. Лічу, што апошнія падзеі табе ня вельмі да спадобы.

— Ну, гэта такія невялічкія непрыемнасьці, — зьедліва адказаў Грэй, — што дармэмна не сапсуй рэшткі сваіх звышкаштоўных нэрваў.

— Грэй, што ты думаеш, не зусім тое.

— А што тое?

— Давай так: я гавару, ты пакуль маўчыш. Як я скончу, ты камэнтуеш. Ну?

— Добра, слухаю.

— Дык вось, спачатку я сумняваўся ды, па шчырасьці, ня быў упэўнены ў выніках і наступствах. Потым, калі ўсё закруцілася, я й Брэн былі цалкам на тваім баку. Так-так, не глядзі воўкам. Толькі пазьней пачаліся нейкія незразумеласьці. Пачалі табой цікавіцца зьверху, вельмі асьцярожна, спакваля й прыхавана. Я нават сам не адразу зразумеў сэнс той цікавосьці. А потым яшчэ Нік запатрабаваў пакрысе цябе адсунуць ад працы й спыніць усялякія цесныя кантакты, абмяжоўвацца толькі неабходнымі фармальнымі стасункамі. На мэце адно — каб цябе не было ў нашай брыгадзе, дзеля гэтага знайсьці дапасоўную зачэпку. Вось таму й твая адукацыя “не адпавядае”. І гэта, павер, лепшы варыянт. Маглі зрабіць куды горай. Лічы, пашэнціла табе. І калі я пытаўся наконт наступстваў, то не была папросту нейкая боязь. Дакладней, ня толькі. Так, мы людзі-чалавекі, і ўсё чалавечае нам уласьцівае, у тым ліку й боязь. Але зь кіраўніцтвам спрачацца сабе даражэй, сам ведаеш. Занадта мы маленькія ў гэтай сістэме.

— Але часам робім занадта вялікія рэчы.

— Ну, так… Ты зараз пакрыўджаны й таму неаб’ектыўны, ня хочаш хай сабе нават крышечку паспрабаваць зразумець і маё становішча таксама.

— Чаму ж… свая скура да цела бліжэйшая. Годзе. Карацей, я веру таму, што ты тут расказваў, бо гэта як раз вельмі падобна на праўду, але табе даверу больш няма. Кажу ў вочы, не за сьпінай, каб ведаў асабіста й ад мяне. Здрадзіў ты… Даверу няма…

— Ня будзь такім максымалістам, трэба зь людзьмі абыходзіцца больш гнутка.

— Кожны мае сваю рацыю. Таму спрачацца з табой ня бачу ніякага сэнсу. Мы ня ворагі, але ўжо не сябры. Скончым…

Грэй устаў і парушыў да выхаду.

— Пачакай, не сьпяшайся, — кінуў наўздагон Ангат, — гэта ня ўсё, што хацеў табе сказаць.

— Ну, што яшчэ?

— У хуткім часе Дзіка вызваляюць, і ён вяртаецца. Дакладна ведаю. Нік казаў, а яму нехта зь вярхоў.

Грэй аслупянеў, стаяў нерухома з каменным тварам, Ангат прагна ўтаропіўся позіркам у Грэя, атрымліваючы асалоду ад таго, як спрацаваў ягоны козыр.

— Та-а-ак, значыць, усё марна…, — працягнуў Грэй.— Нехта супэрважкі падпірае… Ну, так…

Ангат прасачыў за Грэям вачыма да дзьвярэй і перадыхнуў з палёгкай, калі тыя дзьверы зачыніліся.

 

Для Грэя гэта сталася сапраўдным шокам. Ён спадзяваўся на сілу закона, што доказаў і сьведчаньняў досыць, каб злодзей апынуўся ў турме. Але чарговым разам праявілася трываласьць сістэмы адносінаў, дзе галоўнымі зьяўляюцца сувязі з вышэйшымі ў гіерархіі суб’ектамі.

Тое, што доўгім часам выгадоўвалася як нешта непарушнае, разбурылася ў вадно ймгненьне, вера зьнікла, і зь ёй ня стала сэнсу далей быць у сістэме й зь сістэмай.

 

Ужо пазьней, калі Дзік вярнуўся на сваю пасаду, ён зь пераможным выглядам дэманстраваў непахіснасьць свайго адноўленага становішча. Ён зноў быў “чыстым”. Замкнёнае кола карпаратыўнай падтрымкі ня вядае збою. Зграя сваіх бароніць!

 

 

* * *

 

Надвячоркам Грэй і Эрч сядзелі ўпрыцемку на бардзюры фантана, пацягвая з пляшкі каньяк, і няспешна гаманілі.

Ноздры чутна ўлоўлівалі сьвежыя вясновыя пахі. Зіма адпаўзла ў свае логавішчы. За прыроднымі зьменамі вымалёўваліся невыразныя спадзяваньні на нейкія перамены, бо чалавек увесь час пакуль жывы, не губляе надзеі, і гэта, у рэшце рэшт, моцна штурхае яго да няведамага, але пажаданага.

Грэй упэўніўся, што сваю ролю адыграў, місія, так бы мовіць, вычарпаная, таму й не вагаўся наконт таго, каб пакінуць службу. Ня вырашыўшы далейшыя крокі, ён прагнуў толькі волі й хвалюючага чаканьня нечага наперадзе.

— Дык што, зусім зыходзіш? — спытаўся Эрч.

— Так, зусім. Я вырашыў. Чаго чакаць?

— Мабыць, яшчэ засталіся нейкія магчымасьці…

— Не, не жадаю больш. Тая валтузьня па кішэнях — не маё. Ды й Дзік ды іншыя зь ім не дадуць нармалёва працаваць. Ён і так намагаецца адпомсьціць. Ня ведае пакуль як тое зьдзейсьніць, але думкай багацее.Толькі я паламаю ягоныя пляны. А там хай грызе свае локці!

— Ды што той Дзік! Трэсьне калі ад злосьці!

— Не, Эрч, не застануся больш, не.

— А куды пойдзеш, працу знайшоў?

— Не-а. Ёсьць знаёмые, але трэ размаўляць.

— Нешта ты такі занадта спакойны.

— А што хвалявацца заранёў?

Яны прыкончылі тую бутэльку каньяку. Грэй пайшоў прынес яшчэ адну. Выпілі. Памаўчалі.

— Мо ты ўсё ж спяшаесься? Я вось, — прадоўжыў Эрч перарваную размову, — дадаткова маю пэўны заробак.

— Кліенты?

— Так, чаму й не? Мае паслугі, мае грошы.

— Глядзі, дрэнна кончыш. Як сабе хочаш, але я так не змагу. Казаў — не маё.

— Ну, вядома, кожны абірае свой шлях…

— Усё ж кідай такі “бізнес”. Мяне, дарэчы, ня бойся.

— І не баюся, таму й кажу. Гэта так, прыказка.

— Ну й добра.

Сонца канчаткова закацілася за далягляд, забраўшы з сабой рэшткі цеплыні й сьвятла. Дзень скончыўся, размовы сьціхлі, бо ўсё было сказана.

 

Праз тыдзень, звольніўшыся й забраўшы свае паперы, Грэй ішоў па плошчы перад будынкам аэрапорта. Шэрыя сьцены сьвідравалі сьпіну, дасылаючы нямыя праклёны.

Раптам у вушах зьявіўся шум, які ўсё нарастаў і шырэў, пакуль не сфармаваўся ў выразнае ці то сабачае, ці то воўчае выцьцё. То за сьпінай Грэя аўчаркі памежжа гучна нагадвалі аб сябе…

 

Аляксандар НЯГРЭЕЎ
Менск,

лета 2008 г. — зіма 2009 г.

Сайт выпускников Минского иняза 1985 года

Страница открыта 12.02.2009
Последние изменения внесены 28.05.2010
v. 1.0