Аннотация

Выпускник 1985 года переводческого факультета Минского института иностранных языков Александр Негреев вспоминает красочные эпизоды из своей жизни.
 
 
ИСТОРИИ

• УСПАМІНЫ •

НАТАТКІ

I. НАТАТКІ З МІНУЎШЧЫНЫ

Ужо ў далёкім 1994 годзе, калі я яшчэ быў нежанаты хлопец, дык вось тады я жыў на кватэры ў бацькі аднаго з маіх тагачасных калегаў. Бацька той быў вельмі моцным аматарам алькаголю. Працаваў ён нейкім дзяжурным электрыкам на нейкай будоўлі, як працуюць звычайныя вартаўнікі, то бок суткі праз трое, ці нешта накшталт гэтага. І амаль кожны дзень адбываўся сабантуй паміж сябрамі з ягонай кампаніі.

Калісьці, а дакладней пасьля чарговага так званага дзяжурства, ён ды нейкі ягоны старажытны паплечнік вырашылі пачаставацца самагнётам уласнага гатунку. Той сябра нешта накурдыляў — падрыхтаваў брагу, ці яшчэ нейкі бруд, ды пачалі яны тую брагу ці то смакаваць, ці то гнаць сапраўдную гарэлку. Што ды як адбывалася, ня ведаю, таму сьведкам ня быў, сам ня бачыў. Толькі нешта ў іх не атрымалася, змарнавалі тую сыравіну, але ж смага вымагае сваё, гараць трубы нібы жароўня, вось толькі вынік безвыніковы! Якія ж гэта былі “шэдэўры” лаянкі, каб хто чуў! Успомнілі ўсіх родных абодвух сяброў! Дадалі аб усіх астатніх з навакольля! Які ж раззлаваны быў Ягорыч (мой кватэраздатчык), як мацюкаўся — для падрыхтаванага слухача наўпрост сьвята лінгвістычнае! Потым нейкім чынам яны ўсё ж зьдзейсьнілі сваю мару й наклюкаліся досыць чагосьці з асартымэнту дзяржгандлю.

Увогуле, каб падтрымаць адносіны на вышэйшым узроўні, я раз-пораз купляў пляшку ды йшоў у апартамэнты Ягорыча дзеля ўдасканаленьня ўзаемавыгадных умоваў суіснаваньня, маючы на ўвазе далейшае супрацоўніцтва ў сфэры міжбаковай каапэрацыі. Кожная такая “візытацыя” суправаджалася працяглым маналёгам аб мінуўшчыны, успамінамі аб нябожчыку Машэраву, якому ў тыя часы ён калісьці памяняў лямпачку, а жонка Машэрава ў якасьці падзякі за той “гераічны ўчынак” пачаставала Ягорыча чаркай ды скваркай.

Трэба дадаць, што двухпакаёўка Ягорыча знаходзілася (мабыць, таксама й цяпер ён тамака жыве) ў доме, пабудаваным у Драздах за машэраўскім савецкім часам (але ж паза плотам звонку!) менавіта для абслугі, прызначанай задавальняць разнастайныя “хаценчыкі” ўладароў усіх беларусаў.

Шчыра кажучы, Ягорыч быў электрыкам 6-га разраду, па словах ягонага сына, мог трымаць у руцэ голыя электрычныя драты пад напругай. Так бы мовіць, усё магчыма, але ж ня ўсяму трэба верыць. Вось высновы рабіце самі, калі хочаце. Але ж і паразмаўляць зь ім можна было ня толькі аб спажытых на працягу жыцьця дэкалітрах розных напояў. Чытаў і ведаў Ягорыч досыць шмат, каб па тамтэйшых вымярэньнях лічыцца ў пэўнай ступені адукаваным суразмоўцам. Без жартачкаў.

Сьмешна было, калі ў нейкі чарговы раз я зьяуляўся на ягоныя вочы з пэўным запасам каталізатара ўсталяваньня партнэрскіх адносінаў, а ён быў добра нападпітку й адкладаць “перамовы на вышэйшым узроўні” я ня меў намеру ці жаданьня, на мае прапановы далучыцца да крыніцы агульнаславянскай вадкай духоўнасьці, Ягорыч рэагаваў увесь час станоўча, ня гледзячы на свой ледзь рухомы стан. Напрыканцы, калі сьвежая спажытая “духоўнасьць” пачынала біць яму ў галаву, нібы баксёр на рынгу, які сьпяшаецца адправіць праціўніка ў накаўт, у той момант Ягорыч дзякаваў, гаворачы, што больш ёмістасьць арганізму не вытрымлівае выклікаў, і йшоў, дакладней, намагаўся паўзьці па дыяганалі, нібы перагружаны амэрыканскі бамбардзіроўшчык В-52, да свайго “ангару.”

Іншым разам зноў нападпітку мой “высокі дамаўляючыся бок” уціснуў у маразільнік сьвінячую галаву цалкам, а праз пэўны час, калі мне нешта патрабавалася ў тым маразільніку, я як разумны дурань вось здолеў выдраць тую галаву, ледзь ня зьнішчыўшы ўшчэнт увесь агрэгат з нянавісьці да навакольнага сьвету, а перш за усё да Ягорыча з ягонай прагай да “вады жыцьця” (eau de vie), празь якую я быў вымушаны змагацца з бытавухай за кавалачак ежы. Добра, што ніхто ня чуў маіх афарызмаў у бок ініцыятара бязглуздых учынкаў!

Прызнаю, што крыху пазьней таксама апынуўся ў вельмі сьмешным няёмкім стане. Тады я зладзіў мыцьцё сваіх портак. З гэтай мэты ўсталяваў нейкі адпаведны вялізны посуд на газавую пліту, каб крыху іх “паварыць”. Але ж потым усеўся на тэлефоне й размаўляў амаль чатыры гадзіны без перапынку. Чамусьці я быў упэўнены, што нічога дрэннага за гэты час ня зробіцца, ці, па майму тагачаснаму меркаваньню, не павінна было зрабіцца. У выніку я знайшоў свае пажыткі ў вельмі пашкоджаным выглядзе з плямамі гарэлікаў на некаторых. Карацей, замест таго, каб “паварыць”, я іх наўпрост засмажыў. А ўсё празь адсутнасьць пільнаваньня з прычыны неабмежаванага ужываньня напояў “унутранага падагрэву”.

Пазьней у той жа год я ажаніўся, так бы мовіць па-руску “она ему встретилась, а он ей попался”. І мае бытавыя недарэчнасьці ці то незразумеласьці ператрансфэрыліся ў архіўныя файлы асабістага жыцьця.

Аляксандар Нягрэеў,
Менск, ліпень 2007 г.
 

II. НАТАТКІ ПАСЬЛЯ НАТАТАК

Прыкладна ў сярэдзіне таго ж далёкага 94-га года я ўжо перабег на іншую працу, памяняўшы гандаль аўтамабілямі на перасоўваньне па прасторах Эўропы электрабытавых прылад (праточныя воданагравальнікі), якія здабываліся для нас ў Вялікай Брытаніі ды адпраўляліся ў “незалежную” вялізным і тлустым англасаксам Джэфам Кені. Ён дарэчы сам зрабіў свае бізнэсы (апрача згаданага, ён на той час яшчэ пастаўляў некаторыя матэрыялы для друкарняў), нейкім чынам застаўшыся настала ў Менску. Як ён гэта здолеў ажыцьцявіць, дзіўлюся дагэтуль, але ж пытацца аб усім падрабязна я лічыў некарэктным, таму й ня ведаў ані першапрычынаў, ані чаму ягоны лёс занёс яго ў наш край. Ды хіба ж гэта галоўнае?

Узаемазадавальненьне абодвух бакоў, то бок нашага невялічкага калектыву й замежнага спонсару, доўжылася некалькі месяцаў, віравалі любоў ды паразуменьне, пакуль у сапраўдную йдылію актыўна не ўмяшаўся чалавечы фактар жаночага роду. Жанчынка, як гэта звычайна адбываецца, вырашыла, так бы мовіць, “прыватызаваць” яе асабістыя й дзелавыя адносіны з нашым агульным працадаўцам, які меў асобны бізнэс з той лэдзі й яе мужам, каб пераўтварыць іх у каналізаванае выключна празь яе супрацоўніцтва, гэтакім чынам нібы падвысіць уласны імідж і каштоўнасьць сваёй асобы. Брудна й сьмешна адначасова, але ж супрацьстаяць інтрыгам заўсёды брыдка.

Наступствы гульняў у лідэрства й манаполію спалучыліся неўзабаве. Пад уплывам жаночай агрэсіўнай мэнтальнай прысутнасьці Джэф зладзіў нешта падобнае да аўдыту менавіта нашай дзейнасьці й дзеля гэтага запрасіў у Менск двух сваіх сяброў, каб яны збудавалі йдэйна-фінансавы грунт для далейшага паступовага згортваньня ўсіх адносінаў з намі. Спачатку й асабліва на той час, калі ў дачыненьні да бізнэсу й сродкаў канвэртацыі яго ў прыватны дабрабыт мы ўсе былі яшчэ вельмі наіўнымі ды маленькімі шчанятамі ў параўнаньні з замежнымі ваўкамі, гэта нават выглядала неяк цывілізавана, калі прыяжджаюць дасведчаныя дзядзькі ацэньваць вынікі тваёй працы.

У рэшце рэшт, наш вузканакіраваны бізнес, вядома, знік. Гэткай бяды! Толькі пашэнціла ўбачыць, а таксама й паўдзельнічаць у камедыйным маленечкім шоў, якое адбылася перад трагедыяй спыненьня стасункаў.

Прыбыўшых ваяжораў сумесна з астатнімі тутэйшымі з нашым удзелам запрасілі ў рэстарацыю пасьвяткаваць зліў прагматызму й братэрства, эмоцыяў ды цьвярозага розуму пад флёрам непарыўнай еднасці. Джэф нават наважыўся й вельмі прафэсійна збацаў на барабанах ды іншых музычных прыладах аналягічнага прызначэньня сваю партыю барабаншчыка, паколькі ў асабістай працоўнай біяграфіі меў досьвед практычнага валоданьня ўзгаданымі йнструмэнтамі. Шчыра кажучы, гэта пазітыўна ўражала. І вечарына працягвалася пад звон кілішкаў і прамоў, прасякнутых непараўнальным сталым лейтматывам амаль кожнага буйнога славянскага застольля: “Ты мяне паважаеш? І я цябе таксама паважаю.”

Калі павага аднаго да аднаго дайшла да кропкі й надышоў час высоўвацца на вольнае паветра, каб рухацца дадому, я накіраваўся да шыкоўнай джэфавай белай BMW з тайным спадзевам даехаць на ёй да свайго логавішча. Але ж мае мары сталіся марнымі, таму што адчыніўшы пярэдняе дзьвёрку й убачыўшы там аднаго з гасцей, які нагадваў хлопчыка-падлетка, ад нечаканасьці я аўтаматычна выстраліў: “Shit!” Той здолеў толькі паглядзець у адказ мутным вокам, але ж ягоны моўны апарат быў у паралюшы ад ужытай беларускай гарэлкі, таму й жывым захаваўся адзіны позірк. Ну, што рабіць? Калі штурхнулі з аднаго ўваходу, трэба шукаць іншых падыходаў. Рыўком адчыніўшы дзьвёрку на задняе сядзеньне, ледзь схапіў за вопратку другога сябра-героя, які нібы мех з бульбаю вось не кульнуўся на асфальт з аўтамабілю. І амаль у той жа самы момант з яго вырваўся фантан рэчываў, якія не ўлагодзіліся ў ягоным страўніку. Відовішча абодвух напітых ушчэнт “кантралёраў “ вымагала жаль.

Урэшце, я ўцяміў, што таксі найлепшым чынам адпавядае маім намерам, і празь пэўны час я апынуўся ва ўласным ложку ў абдымкі з Марфеям.

Па прабеглым часе гэты эпізод увасобіўся ў яскравыя ўспаміны й разуменьне таго, што любая жыцьцёвая зьява мае два бакі – сьмешны й сумны. І няёмкі выгляд ці паводзіны могуць сапсаваць любы нават самы выдатны імідж. Тое, што я ўбачыў тады, цяпер я ўспрымаю як маленечкую папярэднюю помсту за непрыемныя закулісныя гульні на тле зайздрасьці.

Аляксандар Нягрэеў,
Менск, ліпень 2007 г.


© Александр Негреев 2007
Страница открыта 18.07.2007
Последние изменения внесены 25.08.2007