Цитата

...на Беларусі тры сталіцы – Менск, Бабруйск і Плешчаніцы...

Цитата

І вось раптам “нябожчык” варухнуўся, расплюшчыў вочы й загаманіў.
ПЕРЕВОДЧИКИ

• Александр НЕГРЕЕВ •

БУДАЎНІКІ СЬВЕТЛАЙ БУДУЧЫНІ

НАСТАЛЬГІЧНАЯ ПРАДМОВА

Што ёсьць студэнцкім будаўнічым аддзелам (СБА), ведаюць амаль усе, хто меў ці то гонар, ці то няшчасьце нарадзіцца менавіта так, што зялёная трапяткая, нібы вясновае лісьце, дзявоцкая раньняя маладосьць прыпала на апагей і адначасова на пачатак загніваньня самаго падмурка савецкай сьвядомасьці, то бок на 80-я гады мінулага стагодьдзя. Ведаюць, зразумела, не з інфармацыйнага пункту, а, так бы мовіць, знутры, праз уласны досьвед і на собскай скуры.

На той час, натуральна, ніхто з нас нават не разважаў пра сутнасьць ідэі, пра тое, якую карысьць атрымлівала ўсемагутная дзяржава ад амаль безкаштоўнай працоўнай сілы (у тым сэнсе, што каштавалі працадаўцам нейкія мізэрныя грошы). Праўда, трэба адзначыць, што атрымліваліся вельмі прывабныя выпадкі магчымасьцяў зарабіць неблагія грошы, але ж гэта з разраду выключэньняў для асабліва годных і бліжэйшых да разьмеркавалькаў прывілеяў. Правіла звычайна падсоўвалася іншым бокам па рэшткавым прынцыпе. Але ж мы былі маладыя, захапляліся рамантыкай працаголікаў, апанаваныя пераконваньнямі нашых афіцыйных лідараў, таму глядзелі на рэчы збольшага праз ружовыя акуляры й ажно пішчэлі ад, як нам падавалася на той момант, чароўных прыгодаў наперадзе.

Назапашаны негатыў (дакладней, рэалізм) зьявіўўся значна пазьней, а паколькі чалавечая памяць заўсёды намагаецца затрымаць менавіта аптымістычны пазітыў і пазбавіцца з цягам часу дэпрэсіўных праяваў, таму й далейшы аповед пацячэ ў рэчышчы мажорнай плыні.

ДАДЗЕНЫ ЗАГАД ЯМУ НА ЗАХАД, НАМ – У ДРУГІ БОК

Наш самы першы СБА “Ударнік” у васноўным быў сфармаваны з нас, студэнтаў-першагодкаў нашага факультэта. Дадаткова нас падмацавалі кухаркамі педагагічнага гатунку ды адным “доктарам”, каб рупіліся нашымі целамі. Каардынаваць высілкі асноўнага кантынгенту й падмацоўкі прызначылі Васіля Зініна (напэўна празь ягоныя шыкоўныя вусы !).

Наканавана нам было рухацца на паўночны ўсход, сперша да Плешчаніц (на Беларусі тры сталіцы – Менск, Бабруйск і Плешчаніцы) па добрай якасьці гасьцінцу, потым шалёнымі скокамі па старажытнаму бруку ажно да Завішына, дзе нас вельмі гасьцінна чакалі “апартаменты”: драўляны (фанэрны) дамок кшталту барака ды чатыры вагончыкі (мабільныя міні- інтэрнаты), але ж на беразе мясцовай рачулкі (!).

Уладкавацца ды арганізаваць першасны быт – што жабраку падперазацца (что нищему подпоясаться – пераклад аўтара). Усё быццам добра, толькі па начох холад запаўзаў пад коўдру, прабіраючы да ўнутранага зьместу, да зубовай ліхаманкі. Ну, нічога, гартаваць дух ды цела – адна з найважнейшых мэтаў духоўна-фізычнага разьвіцьця будаўніка камунізма. І каб фізычнае цалкам пасавала да духоўнасьці, была распрацавана праграма канкрэтнай дзейнасьці на два месяцы па ўнутранаму ўладкаваньню кароўніка празь бетанаваньне падлогаў і мантаж кармушак для сілкаваньня рагатых малаказаводаў у далейшым.

МІРНЫ ФРОНТ ПРАЦОЎНАГА ЗМАГАНЬНЯ

Добра вядома са старажытных часоў, што міласьці ды літасьці ад навакольля не дачакаешся й каб атрымаць ад жыцьця неабходнае, трэба за ўсё упарта змагацца. Бо барацьба, ці йнакш кажучы змаганьне, ёсьць рухавіком прагрэса. Ну, і ўвесь час дзяржава змагалася з вонкавай навалай, ішла сезонная барацьба за ураджай, за вышэйшыя паказчыкі вытворчасьці, за мір ва ўсім сьвеце, за лепшую будучыню для нашчадкаў - ды колькі яшчэ разнастайных вонкавых і ўнутраных франтоў абцяжарывала наш крыштальны крохкі сасуд мілай Айчыны! Вось мы й далучыліся да змагарнай вытворчасьці на сельгасбудаўнічым фронце.

Частка нашага аддзела рабіла бруднейшую працу, то бок удасканалівала свае тэарытычная веды на практыцы, цёгая бетон па пляцоўцы, які прывозіўся мясцовымі кіроўцамі, самым выбітным жа быў адзін зь іх па мянушцы “Падазроны” увесь час “пеўшы” : “Лета, лета, лета…” (“Лето, лето, лето, лето твоих губ, твоих глаз…”, памятаеце песеньку?). На гэтым ён спыняўся й пачынаў зноў (гэта песьня добрая, пачынай спачатку). Мабыць, ён проста ня ведаў словаў, хто цяперака адкажа. Яшчэ да яго прыляпіўся ягоны караценькі аповед, які мы ўсе з задавальненьнем паўтаралі, адчувая пэўную асалоду ад нагэтулькі сакавітай сентэнцыі: “Купіў сабе маг(-нітафон – дадана аўтарам), бл…, ды нешта ў ім сапсавалася, бл…” І ўсё так шчыра, непасрэдна, аніякіх табе эківокаў. Суцэльны вясковы натуралізм.

Іншыя з нас корпаліся з рыдлёўкамі, або проста перакладаючы цягліны з месца на месца. Некаторым выбраным (мне, Ваньке Кульчыку ды Сашку Астроўскаму) пашэнціла патрапіць у кагорту гэтак званых мантажнікаў і шчыльна папрацаваць з мясцовым трактарыстам Пецькам дзеля ўсталяваньня кароўіх кармушак.

Сам Пецька быў 28 ці 29-гадовым маладзёнам, але піток той шчэ. Праца для яго пачыналася звычайна з пляшкі чарнілаў, якую ён заглынаў што той удаў, потым заводзіў свой апарат, і стартаваў цырк-атракціён, бо ў такім стане Пяцюк надзвычай віртуозна падхапляў прычэпленыя двума канцамі, прымацаванымі да стралы ягонага трактара, бетонавыя блокі й умах ўтыкаў іх у траншэю так, што памагатыя падпраўляць ўзровень былі непатрэбныя. Мы толькі глядзелі ў захапленьні на такое відовішча ды пакурывалі цыгарэткі ў старонцы. Так адбываўся першы акт “марлязонскага балету”. Потым наступаў антракт, падчас якога наш майстар зноў засмоктываў чарговую пляшку, схаваўшыся па-за супрацьлеглым бокам свайго агрэгата, і толькі дно бутэлькі, бачнае напэўна з любога боку, дакладна й здрадліва вызначала кропку знаходжаньня й занятак, якому Пецька аддаваўся цалкам і палка.

У наступным акце дзеі мантажная эквілібрыстыка йшла горай, бо спажыты допінг пачынаў уласную гульню ў Пецькавай істоце, разбуральна пашкаджая каардынацыю рухаў; у выніку Пяцюк губляў свой артыстычны настрой і здольнасьці да трапнай кропкавасьці, мацюкаўся, у рэшце рэшт кідаў працу й напрыканцы дня насмоктываўся ўшчэнт.

Дарэчы, рэшта калгасных рабочых, якія таксама нешта працавалі на тым кароўніку, выглядала падобна ж, і іх літаральна грузілі, нібы драўніну, ў аўтобус дадому. Аднаго разу нават вартаўнік, стары дзядок гадоў за семьдзесят, які пахваляўся, што сваёй бабцы яшчэ ого-го як устаўляе, наклюкаўся да сьвінячыга віску, заваліўся на падлозе, абрынуўшы вядро з вадой, і нешта мармытаў разлёгшыся ў лужыне.

Вось так і змагаліся, набліжая ўсяк па-свойму сьветлы час агульначалавечай гармоніі. Дзеля такой пуцяводнай мэты наш Васіль недзе празь месяц нават заклапаціўся нашым знешнім выглядам ды загадаў згаліць бароды, каб ня плямілі гарманальнай мары.

ЯК МЫ ЛЕДЗЬ НЕ ПАХАВАЛІ СЕЎКУ АРХІПАВА

Нічога трагічнага ці проста дрэннага ня здарылася. Гісторыя кароткая падобная на анекдот.

Наш працоўны досьвед сталеў з кожным днём, нават з кожнай гадзінай. Сталелі душы, гартаваліся арганізмы, апякаемыя гарачым сонцам, абвяваемыя сьвежым паветрам, ахалоджваемыя ласкавай вадзічкай з рачушкі.

Аднаго дня таксама як заўжды йшла штодзённая валтузьня. Усе нешта рабілі, ці рабілі выгляд, што рабілі. Сонейка неяк занадта прыпякала, таму мы ймкнуліся схавацца пад дахам будоўлі, дзе ў цяню адчуваліся з палёгкай. Раптам атрымаўся нечаканы перапынак у працы з-за нейкіх недарэчнасьцяў. Пакрысе адпаведныя вытворчыя гукі сьціхлі, стомленныя й зморанныя спякотай мы паляглі хто дзе знайшоў прыдатны куток. Зрабілася ціха-ціха. І вось сярод гэткага парадзізу ўзьнікае бабуля, якая шэптам са скажонным жахам тварам гаворыць: “А там ваш хлопчык нежывы ляжыць.” Хто, як, чаму, што??!!! Ідылія, натуральна, зьляцела ў вадзінае ймгненьне, усе падхапіліся ды рынуліся вон. Непадалёк ад будоўлі каля склада цэменту сапраўды на спіне нярухома ляжыць Сеўка Архіпаў з шэрым тварам, заплюшчанымі вачыма і, як падалося, ня дыхаючы. Жах, паралюш!! Думкі ў галаве раяцца ды круцяцца як шалёныя! І вось раптам “нябожчык” варухнуўся, расплюшчыў вочы й загаманіў. Усё - рогат, радасць “уваскрэсеньня” – злілося ў вадзін моцны пазітыўны паток эмоцыяў.

На самой справе Сеўка таксама прыдрамаў пакуль справа, а твар зрабіўся шэрым ад цэменту, які ён грузіў.

Карацей, і сьмех, і грэх!!

АДПАЧЫНАК – СПРАВА ЦЯЖКАЯ

Колькі ні працуй, але кожны тыдзень скончваецца выхаднымі. Жыцьцёвая ісьціна, набыўшая законную моц.

З высакароднаю мэтаю падвышэньня культурнага ўзроўню з нашай собскай ініцыятывы пры наяўнасьці адпаведнай адмысловай апаратуры (уладальнік Сяргей Палякоў) зладзілі ўікэндаўскія скокі, балазе, мяркую, мясцовыя дзеўкі былі вельмі ўдзячныя. Ды й калі да іх далучыліся яшчэ “трактарасткі” (сельгасдэсант з тарктарнага заводу), весялосьці відавочна паболела пры агульнай згодзе ўсіх удзельнікаў.

Вечаровым скокам ў раскладзе мерапрыемстваў папярэднічала лазьня (ну зразумела, у зносінах з жанчынамі патрабуецца чысьціня !). Таксама дзеля паляпшеньня самаадчуваньня ды ўздыму настроя неабходны былі вадкія спецсродкі ў шклянай таре. Паколькі па дамоўленнасьці Васіля-вусача з вясковым гандлем набыцьцё жаданых носьбітаў весялосьці на месцы ў Завішыне было спыненна на ўвесь тэрмін прабываньня, народ шукаў і знаходзіў іншыя шляхі ўлагоджваньня ўласных патрэбаў.

Звычайна ў паход выпраўляліся дэлегаты ад фракцыяў да бліжэйшых вёсак Вялікія Нястанавічы ды Малыя Нястанавічы. Вось з гэтымі назвамі ўвогуле была страшэнная недарэчнасьць: Малыя былі нашмат большымі за Вялікія. Ну хіба ж гэта перашкода адэкватнаму ўспрыманьню рэчаіснасьці ?!

Аднойчы дэлегатамі сталіся мы з Масьціцькім.

 

Ага, маленечкае адступленьне. Вы добра ведаеце, што Масьціцькі наш ёсьць Ігарам. Анекдот пра гэтае ймя.

— Як тваё ймя, хлопчык?

— Ігар.

— Напэўна, цябе так назвалі ў гонар кагосьці з тваіх продкаў?

— Не, у гонар Алімпійскіх Ігар.

 

Ну, зноў вяртаюся да асноўных падзеяў.

Так, пайшлі мы з ім, сонцам апякаемыя. Ішлі так сабе, ня хутка, але ж і не нага за нагу. Прыпаўзьлі ў Малыя Нястанавічы, затарыліся чым Бог паслаў (а паслаў ён партвейн “777”, кожная пляшка ёмістасьцю 0,7 літра, усяго набралі 7 бутэлек, во як памятаю !!). Запакаваў багацьце ў звычайную сетку-авоську (кажуць, цяпер правільна “ніхрэнаська”), але не паставіў, а паклаў адно на адно, бо неяк зьленаваўся, ці падалося, што так зручней, ды й назад у лагер. На паўшляху зрабілася цяжка несці й я прапанаваў палегчыць становішча, падняўшы тонус тым, што пляскалася за спінай. Сказана – зроблена. Але нечаканка-неспадзёўка – адчыніць не было чым, толькі Масьціцькі не зьбянтэжыўся й нейкім чынам пракруціў дзірку звычайнай пяцікапейкавай манетай. Пачаставаліся, вось толькі смак выявіўся ня вельмі высакародны. Наступствы пачастунка, адпаліраванага дабаўкай “сёмак” колькіх, асабліва пасьля лазьнi, разбуральна адбіліся на бягучым стане здароўя. З клюбу, які мясьціўся на іншым канцы вёскі, назад дахаты кульгаўся, швэндаючыся па дарозе больш упоперак, чымсьці ўздоўж, але ж дацягнуўся й праваліўся ў хісткае забыцьцё.

Раніцой наш мудры камандзір Васіль загадаў усім зьбіраць лекавыя травы, каб аніводнай пьянай рожы ў лагеры не было бачна. У каго заставаўся пахмялін, той лячыўся, іншыя хаваліся падалей і злосна аддаваліся Марфею.

Дакладна — адпачынак значна цяжэйшы за працу.

СЬВЯТА ПРАФЕСІЯНАЛАЎ

Хто казаў, што мы не прафесіяналы? Можам усё: можам будаваць, а можам не будаваць. Залежыць (it depends)… Таму й сьвята прафесійных будаўнікоў таксама кранае самыя патаемныя схованкі душы. Заплянавана й зарэгістравана яно напачатку жніўня, вось і мы ў тым жніўні адчуліся сапраўднымі сябрамі будаўнічай грамады.

Сёння ўжо ня памятаю ўсіх падрабязнасьцяў; урачыстасьці з нейкім канцертам ды пачастункам адбываліся ў Плешчаніцах, пасьля якіх у поўным складзе выправіліся да крамы па алькагольныя напоі. Васіль загадаў зьняць студэнцкія вопраткі, каб не мазоліць вочы абарыгенаў, і па заканчэньні аперацыі рухаліся далей. На беразе нейкага прыгожага возера адсьвяткавалі вельмі прыстойна, без празьмернасьцяў, працяг адбыўся пазьней на базе па апрацаванай схеме (гл. папярэдні разьдзел).

Сваім сапраўдным доўгачаканым прафесійным сьвятам мы хацелі лічыць дзень атрыманьня заробленых грошай. Вось жа калі чарга надыйшла да мяне, я ўрачыста расьпісаўся ў ведамасьці за ажно 173 (!) рублі за два месяцы працы. Добрыя грошы, бадай на ўзроўні дворніка! Такім чынам, аб’ектыўная рэальнасьць сапсавала сьвяточнае адчуваньне.

Крыху пазьней, узрушаныя й шчасьлівыя ад прадчуваньня вяртаньня ў цывілізацыю, мы даравалі ўсім, каму былі вінны. А каля сьценаў роднай alma mater на разьвітаньне да восені ўвогуле пазабыліся на крыўды, перагарнуўшы чарговую старонку сумеснай гісторыі.

Ды хіба ж вартасьць досьведу шчыльнага сяброўства можна вымяраць матэрыяльнымі каштоўнасьцямі!

Вось менавіта ў гэткім сяброўстве перш за ўсё й трэба ймкнуцца быць прафесіяналам, а сьвята, калі не адбудзецца, зробім самі.

Аляксандар Нягрэеў
Менск, красавік 2008 г.

Сайт выпускников Минского иняза 1985 года

Страница открыта 16.05.2008
Последние изменения внесены 28.05.2010
v. 1.2